«Самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. Самая гарманічная і з усіх славянскіх моў найменш змененая…» Так сказаў пра беларускую мову знакаміты польскі паэт Адам Міцкевіч.
І сапраўды, у беларускай мове многа адметных слоў. Яны надаюць ёй асаблівы каларыт, зіхацяць, як самацветы, у моўных запасах беларусаў.
А ці адчуваюць нашы навучэнцы прыгажосць роднай мовы, яе непадобнасць да іншых моў? Якія беларускія словы лічаць самымі-самымі? Каб выявіць гэта, 9 кастрычніка і прайшла ў каледжы акцыя «Смак роднага слова».
Найбольш актыўна да яе падрыхтоўкі і правядзення аднесліся навучэнцы аддзялення «Дашкольная адукацыя». Дзяўчаты групы Д-1 напісалі сачыненне-мініяцюру «Родная мова, цудоўная мова!», у якім выказалі шмат добрых слоў пра родную мову і яе значэнне ў выхаванні дзяцей.
Навучэнцы групы Д-2 правялі конкурс малюнкаў, якія адлюстравалі тыя беларускія словы, што ім падабаюцца: вясёлка, цукеркі, ружа, шыпшына, бусел, вавёрка, ветразь і іншыя.
А афармленне і правядзенне акцыі — справа групы Д-3. Дзяўчаты з гэтай групы пад гукі беларускіх песень праводзілі сярод навучэнцаў 1-3 курсаў апытванне, якія словы з’яўляюцца самымі любімымі, вясёлымі, радаснымі, добрымі і нават…смачнымі. У выніку высветлілася, што самыя любімыя словы — маці, Беларусь, каханне, дзяцінства;
самыя радасныя словы — усмешка, свята, мары, сябры, кветкі;
самыя добрыя словы — бацькі, дзякуй, калі ласка, добры дзень, пяшчота;
самыя-самыя ласкавыя словы — матуля, бабуля, маленства, сонейка, цеплыня;
самыя вясёлыя словы — вавёрачка, забавы, цукеркі, абцасы, гушчалкі;
самыя смачныя словы — бульба, дранікі, кавун, кава, аладкі…і яшчэ шмат іншых цікавых слоў.
Акцыя прайшла весела і пазітыўна. У ёй прынялі ўдзел многія навучэнцы, якія паказалі сваю зацікаўленасць роднай мовай і неабыякавасць да яе лёсу. Спадзяемся, што і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай мове і культуры, будуць такімі ж добрымі.