Наши новости
Галерея (нажми для просмотра)

Тыдзень філалагічных дысцыплін

         З 30 кастрычніка па 3 лістапада ў Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжы прайшоў традыцыйны Тыдзень філалагічных дысцыплін.

         Удзел у мерапрыемствах Тыдня філалагічных дысцыплін прымалі навучэнцы I, II і III курсаў. Асноўнымі задачамі тыдня былі:

         – папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў;

         – выхаванне культуры маўлення, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, актывізацыя іх пазнавальнай дзейнасці, садзейнічанне самарэалізацыі асобы;

         – азнаямленне навучэнцаў з формамі арганізацыі прадметнага тыдня, методыкай правядзення пазаўрочных выхаваўчых мерапрыемстваў;

         – павышэнне інфармацыйнай культуры выкладчыкаў і навучэнцаў шляхам выкарыстання камп’ютарных тэхналогій.

         Запланаваныя мерапрыемствы групаваліся тэматычна ў наступных накірунках:

         – 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа;

         – 100-годдзе з дня нараджэння Пімена Панчанкі;

         – культура і быт беларускага народа.

         У рамках Тыдня філалагічных дысцыплін былі праведзены наступныя мерапрыемствы:

         – урачыстае адкрыццё Тыдня філалагічных дысцыплін;

         – экскурсія для навучэнцаў першага года навучання “Культура і быт беларусаў” (на базе этнаграфічнай экспазіцыі каледжа);

         – вусны журнал “О великий, могучий русский язык”;

         – выстава насценгазет, прысвечаных цікавай інфармацыі пра беларускую мову;

         – выстава мастацкай літаратуры “Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа”;

         – адкрыты ўрок па вучэбнай дысцыпліне “Русская литература” па тэме: Б.Л.Пастернак “Страницы жизни и творчества – становление мастера”;

         – вусны часопіс «Пра жыццё, пра час і пра сябе…» (да 100-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі);

         – пасяджэнне цыклавой камісіі выкладчыкаў філалагічных дысцыплін, дзе адбылося падвядзенне вынікаў Тыдня філалагічных дысцыплін.

Адкрыццё Тыдня філалагічных дысцыплін адбылося ва ўрачыстай атмасферы ў канферэнц-зале каледжа. Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Г.М.Бяляевай навучэнцамі I і II курсаў было падрыхтавана прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа адукацыйна-выхаваўчы праект “Паклон вам, песняры!”, дзе гучалі вершы і проза гэтых таленавітых майстроў слова, выконвалася песня на словы Янкі Купалы “Спадчына”; гледачы ўбачылі прыгожы танец “Купалінка”, відэаматэрыялы пра жыццё і працу Янкі Купалы і Якуба Коласа. Прадэманстраваць свае чытальніцкія здольнасці змаглі навучэнцы А.Краскоўская, А.Скакалава, Т.Чубарава, В.Сідарэнка, Д.Халаева, М.Лепкіна. Мерапрыемства “Паклон вам, песняры!” прайшло на высокім эмацыянальным уздыме, дало навучэнцам магчымасць папоўніць свае веды па гісторыі беларускай літаратуры і атрымаць новыя эмоцыі і ўражанні.

31 кастрычніка навучэнцы I і II курсаў былі запрошаны на вусны журнал “О великий, могучий русский язык”, падрыхтаваны групай ІБ-41 пад кіраўніцтвам выкладчыка рускай мовы Н.М.Лабуш. На мерапрыемстве прагучала шмат вершаў пра прыгажосць рускай мовы, былі паказаны відэаролікі і ўрыўкі з кіначасопіса “Ералаш” пра чысціню і культуру маўлення, прыведзены цікавыя факты з гісторыі рускай мовы.

1 лістапада загадчык бібліятэкі каледжа Г.А.Карсакова арганізавала выставу мастацкай літаратуры “Да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа”, а навучэнкі групы Д-2 пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы і літаратуры А.У.Кухарэнкі зрабілі агляд з паведамленнем звестак пра жыццё і творчасць пісьменнікаў.

         Для навучэнцаў першага года навучання былі арганізаваны экскурсіі-агляды этнаграфічнай экспазіцыі каледжа “Культура і быт беларусаў”. Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Г.М.Бяляевай навучэнкі групы Д-1 М.Лепкіна і К.Алейнік праводзілі азнаямленне з экспазіцыяй, паказалі прэзентацыю з відэа выкарыстання экспанатаў. Дзяўчаты не толькі паказалі сябе як сапраўдныя экскурсаводы, але яшчэ і заахвочвалі наведвальнікаў загадкамі пра экспанаты этнаграфічнай экспазіцыі.

2 лістапада працягам знаёмства з культурай беларускага народа стала прэзентацыя насценгазет пад агульнай назвай “Цікава пра мову”, якія падрыхтавалі навучэнцы груп I курса. Газеты ўтрымлівалі цікавыя моўныя звесткі, прымушалі звярнуцца да дадатковых крыніц для таго, каб даць адказы на пытанні віктарыны.

У рамках Тыдня філалагічных дысцыплін навучэнцы каледжа змаглі наведаць падрыхтаванае пад кіраўніцтвам А.У.Кухарэнкі мерапрыемства “Пра жыццё, пра час і пра сябе…” (да 100-годдзя з дня нараджэння Пімена Панчанкі). Разам з удзельнікамі гледачы “перагарнулі” старонкі часопіса, на якіх была прадстаўлена біяграфія паэта, разнастайная тэматыка яго творчасці, “інтэрв’ю з паэтам”. У час правядзення мерапрыемства навучэнкі А.Мілянкевіч, Ю.Гарай, Л.Гурновіч, Л.Банецкая, А.Ігнаценя, Ю.Аніскавец, Н.Заяц чыталі вершы Пімена Панчанкі; В.Раманава, П.Куліева, В.Кароль выканалі некалькі песень, прысвечаных Беларусі, а І.Краўцова і І.Расказава станцавалі беларускую польку. У зале, дзе адбывалася мерапрыемства, была змешчана выстава шматлікіх зборнікаў вершаў Пімена Панчанкі.

         3 лістапада В.А.Мачэча быў праведзены адкрыты ўрок па рускай літаратуры ў групе ІБ‑22 па тэме: Б.Л.Пастернак “Страницы жизни и творчества – становление мастера”. На ўроку навучэнцы пашырылі свае веды пра біяграфію паэта, чыталі і аналізавалі яго вершы, выкладчыкам былі прадстаўлены разнастайныя формы работы з інтэрактыўнай дошкай як сродкам укаранення інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у працэс выкладання рускай літаратуры,.

         На пасяджэнні цыклавой камісіі выкладчыкаў філалагічных дысцыплін былі падведзены вынікі Тыдня філалагічных дысцыплін:

         адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы з выкарыстаннем інфармацыйных педагагічных тэхналогій прайшлі на высокім метадычным ўзроўні;

         праведзеныя мерапрыемствы былі цікавыя навучэнцам таму, што яны павучальныя, змястоўныя, нясуць вялікі выхаваўчы патэнцыял.

         Выкладчыкі цыклавой камісіі выкладчыкаў філалагічных дысцыплін і прыватных методык дашкольнай адукацыі выказваюць словы шчырай падзякі ўсім навучэнцам, якія прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў Тыдня філалагічных дысцыплін. Асобная ўдзячнасць тым, хто дапамагаў з наладжваннем апаратуры, відэа- і фотаздымкамі, падрыхтоўкай танцаў і песень, афармленнем выстаў.

 

Г.М.Бяляева,

старшыня цыклавой камісіі

выкладчыкаў філалагічных дысцыплін

і прыватных методык дашкольнай адукацыі

Ресурсы


Официальные интернет-ресурсы
Беларусь Библиотечная