Дзень настаўнiка! Якi гэта цудоўны, святочны дзень! Дзень для тых, хто заўсёды вядзе дзяцей за сабой, нягледзячы нi на якiя жыццёвыя абставiны.
Гэтае свята завiтала i ў нашу навучальную ўстанову. З самай ранiцы выкладчыкаў чакаў сюрпрыз: пры ўваходзе ў каледж iх сустракалi навучэнцы, якiя вiншавалi са святам i жадалi прыемнага дня. Потым выкладчыкаў «сустракалi» паветраныя шарыкi i плакаты з вiншавальнымi вершамi. Якую ж цудоўную атмасферу стварылi яны на ўвесь дзень!
У час перапынкаў працавала музычнае кафэ, у якiм настаўнiкi i ветэраны педагагiчнай працы маглi пачаствацца духмянымi чаем i кавай з салодкiмi цукеркамi i паслухаць добрую музыку.
А пасля заняткаў пачаўся святочны канцэрт, падрыхтаваны навучэнцамi каледжа для сваiх любiмых выкладчыкаў. У пачатку яго прагучала ўрачыстае выступленне дырэктара нашай установы Л.А. Ягоравай. На канцэрце прысутнiчалi i ветэраны педагагiчнай працы – людзi, якiя прасвяцiлi сваё жыццё выхаванню i навучанню дзяцей, сталi прыкладам для ўсiх, каго вучылi. У гэты святочны дзень былi ўзнагароджаны педагогi, якiя дасягнулi добрых вынiкаў у сваёй дзейнасцi.
Праца настаўнiка складаная, адказная, таму што кожны вучань патрабуе да сябе ўважлiвых адносiн. Але нашы выкладчыкi любяць сваiх навучэнцаў, iмкнуцца перадаць iм тыя веды, тыя духоўныя каштоўнасцi, якiмi валодаюць самi. Таму што толькi стаўшы добрымi спецыялiстамi, нашы навучэнцы змогуць зрабiць шчаслiвым будучае жыццё.
Скакалава Алена, навучэнка групы IБ-22