Тыдзень філалагічных дысцыплін
З 6 па 11 сакавіка ў Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжы прайшоў традыцыйны Тыдзень філалагічных дысцыплін.
Удзел у мерапрыемствах Тыдня філалагічных дысцыплін прымалі навучэнцы I, II і IV курсаў. Асноўнымі задачамі тыдня былі:
– папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры, фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі навучэнцаў;
– выхаванне культуры маўлення, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, актывізацыя іх пазнавальнай дзейнасці, садзейнічанне самарэалізацыі асобы;
– азнаямленне навучэнцаў з формамі арганізацыі прадметнага тыдня, методыкай правядзення пазаўрочных выхаваўчых мерапрыемстваў;
– павышэнне інфармацыйнай культуры выкладчыкаў і навучэнцаў шляхам выкарыстання камп’ютарных тэхналогій.
Запланаваныя мерапрыемствы групаваліся тэматычна ў наступных накірунках:
– 500-годдзе беларускага кнігадрукавання;
– пісьменнікі-юбіляры 2017 года;
– культура і быт беларускага народа.
У рамках Тыдня філалагічных дысцыплін былі праведзены наступныя мерапрыемствы:
– урачыстае адкрыццё Тыдня філалагічных дысцыплін;
– экскурсія для навучэнцаў “Культура і быт беларусаў” (на базе этнаграфічнай экспазіцыі каледжа);
– літаратурная гасцёўня “Напісанае застаецца”;
– выстава насценгазет, прысвечаных цікавай інфармацыі пра беларускую мову;
– выстава мастацкай літаратуры “Да 130‑годдзя з дня нараджэння Алеся Гаруна”;
– праведзены адкрыты ўрок па тэме “Заимствованные слова”;
– літаратурна-музычная гасцёўня “Мне имя – Марина…”, прысвечаная 125‑годдзю з дня нараджэння М.Цвятаевай;
– інтэлектуальны марафон “Скарбы роднага краю”;
– пасяджэнне цыклавой камісіі выкладчыкаў філалагічных дысцыплін, дзе адбылося падвядзенне вынікаў Тыдня філалагічных дысцыплін.
Адкрыццё Тыдня філалагічных дысцыплін адбылося ва ўрачыстай атмасферы ў канферэнц-зале каледжа. Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Г.М.Бяляевай навучэнцамі I і II курсаў было падрыхтавана прысвечанае 500-годдзю беларускага кнігадрукавання мерапрыемства “Спачатку было слова…”, дзе гучалі вершы пра родную мову беларускіх майстроў слова, выконвалася песня на тэму беларускай мовы; гледачы ўбачылі прыгожы танец “Беларуска”, відэаматэрыялы пра жыццё і працу Францыска Скарыны. Прадэманстраваць свае чытальніцкія здольнасці змаглі навучэнцы А.Краскоўская, А.Мітраховіч, К.Спутай, А.Скакалава, Д.Халаева, М.Жалезка. Мерапрыемства “Спачатку было слова…” прайшло на высокім эмацыянальным уздыме, дало навучэнцам магчымасць папоўніць свае веды па гісторыі беларускага кнігадрукавання і атрымаць новыя эмоцыі і ўражанні.
Для навучэнцаў першага года навучання былі арганізаваны экскурсіі-агляды этнаграфічнай экспазіцыі каледжа “Культура і быт беларусаў”. Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Г.М.Бяляевай навучэнкі групы Б-4 В.Шляхтава і М.Філімоненка праводзілі азнаямленне з экспазіцыяй, паказалі прэзентацыю з відэа выкарыстання экспанатаў. Дзяўчаты не толькі паказалі сябе як сапраўдныя экскурсаводы, але яшчэ і заахвочвалі наведвальнікаў загадкамі пра экспанаты этнаграфічнай экспазіцыі.
9 сакавіка навучэнцы I і II курсаў пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы і літаратуры А.У.Кухарэнкі запрасілі жадаючых наведаць літаратурную гасцёўню “Напісанае застаецца”, дзе расказалі цікавыя звесткі пра любімыя кнігі, паказалі падрыхтаваныя імі прэзентацыі. Запрошаныя на мерапрыемства змаглі азнаёміцца з дадатковай інфармацыяй па пэўных творах, праверыць сябе ў веданні прыказак на тэму карысці кніг.
Працягам знаёмства з культурай беларускага народа стала прэзентацыя насценгазет пад агульнай назвай “Цікава пра мову”, якія падрыхтавалі навучэнцы груп I курса. Газеты ўтрымлівалі цікавыя моўныя звесткі, прымушалі звярнуцца да дадатковых крыніц для таго, каб даць адказы на пытанні віктарыны.
Загадчык бібліятэкі каледжа Г.А.Карсакова арганізавала выставу мастацкай літаратуры, прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння Алеся Гаруна, а навучэнкі групы Б-4 пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы і літаратуры А.У.Кухарэнкі зрабілі агляд з паведамленнем звестак пра жыццё і творчасць пісьменніка.
10 сакавіка быў праведзены адкрыты ўрок па рускай мове ў падгрупе ІБ‑21(2) Лабуш Наталляй Мікалаеўнай. На ўроку былі прадстаўлены разнастайныя формы работы з інтэрактыўнай дошкай як сродкам укаранення інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у працэс выкладання рускай мовы.
У рамках Тыдня філалагічных дысцыплін навучэнцы каледжа змаглі наведаць падрыхтаваную пад кіраўніцтвам В.А.Мачэча літаратурна-музычную гасцёўню “Мне имя – Марина…”, прысвечаную 125‑годдзю з дня нараджэння М.Цвятаевай. Мерапрыемства прайшло на высокім эмацыянальным уздыме, гледачы змаглі папоўніць сваю скарбонку ведаў пра жыццё і творчасць паэтэсы, паслухаць напісаныя ёю вершы і рамансы ў выкананні В.Кароль, Ю.Яроцкай, В.Цімашэнка, А.Татур, А.Гурыновіч, А.Лісаковіч, А.Ганчарэнка, убачыць танец-ілюстрацыю твора М.Цвятаевай.
11 сакавіка пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Г.М.Бяляевай навучэнкамі групы Б‑4 В.Вайловай і Г.Грыб быў праведзены інтэлектуальны марафон “Скарбы роднага краю”, дзе навучэнцы I курса ў каманднай барацьбе паказалі сваё веданне беларускіх прыказак, прымавак, фразеалагізмаў.
На пасяджэнні цыклавой камісіі выкладчыкаў філалагічных дысцыплін былі падведзены вынікі Тыдня філалагічных дысцыплін:
адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы з выкарыстаннем інфармацыйных педагагічных тэхналогій прайшлі на высокім метадычным ўзроўні;
праведзеныя мерапрыемствы былі цікавыя навучэнцам таму, што яны павучальныя, змястоўныя, нясуць вялікі выхаваўчы патэнцыял.
Выкладчыкі фiлалагiчных дысцыплiн выказваюць словы шчырай падзякі ўсім навучэнцам, якія прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў Тыдня філалагічных дысцыплін. Асобная ўдзячнасць тым, хто дапамагаў з наладжваннем апаратуры, відэа- і фотаздымкамі, падрыхтоўкай танца і песняў, афармленнем выстаў.
Г.М. Бяляева,
старшыня цыклавой камісіі
выкладчыкаў філалагічных дысцыплін