Наши новости
Галерея (нажми для просмотра)

Пад дэвізам “Гучы, мая родная мова!” у Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжы з 22 па 26 лютага прайшоў традыцыйны Тыдзень беларускай мовы. Гэты дэвіз стаў зваротным заклікам да ўсіх удзельнікаў мерапрыемстваў, запланаваных у рамках Тыдня беларускай мовы.

Адкрыццё Тыдня беларускай мовы адбылося ва ўрачыстай атмасферы ў канферэнц-зале каледжа. Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Г.М.Бяляевай навучэнцамі I, II і III курсаў было падрыхтавана мерапрыемства “Гучы, мая родная мова!”, дзе быў узгаданы Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаўся напярэдадні (21 лютага); гучалі вершы пра родную мову беларускіх майстроў слова,  выконваліся песні, прысвечаныя Беларусі; гледачы ўбачылі прыгожы танец з беларускімі ручнікамі, відэа інсцэніровак прыказак і прынялі ўдзел у разгадванні беларускіх загадак. Прадэманстраваць свае чытальніцкія здольнасці змаглі навучэнцы В.Шырчанка, У.Кулеш, А.Хрушчова (I курс), З.Клусевіч (II курс), А.Талюк (III курс).

Напрыканцы вядучыя прэзентавалі праграму тыдня і запрасілі ўсіх размаўляць пабеларуску. Мерапрыемства “Гучы, мая родная мова!” прайшло на высокім эмацыянальным уздыме, дало навучэнцам магчымасць праверыць свае веды па беларускай мове і атрымаць новыя эмоцыі і ўражанні.

Для навучэнцаў першага года навучання былі арганізаваны экскурсіі-агляды этнаграфічнай экспазіцыі каледжа “Культура і быт беларусаў”. Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Г.М.Бяляевай азнаямленне з экспазіцыяй праводзілі навучэнкі групы Б-3 В.Шляхтава і А.Талюк. Дзяўчаты не толькі паказалі сябе як сапраўдныя экскурсаводы, але яшчэ і заахвочвалі наведвальнікаў загадкамі пра экспанаты этнаграфічнай экспазіцыі.

24 лютага навучэнцы I, II і III курсаў пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы і літаратуры А.У.Кухарэнкі запрасілі жадаючых наведаць літаратурную гасцёўню “Я – пякучка-крапіва” (да 120-годдзя з дня нараджэння К.Крапівы), дзе расказалі цікавыя звесткі пра К.Крапіву, паказалі інсцэніроўкі некаторых яго баек. Запрошаныя на мерапрыемства змаглі праверыць сябе ў веданні баек К.Крапівы і адказаць на пытанні віктарыны.

Працягам знаёмства з культурай беларускага народа стала прэзентацыя насценгазет пад агульнай назвай “Цікава пра мову”, якія падрыхтавалі навучэнцы груп ІБ-11, ІБ-12, ІБ-13, ІБ-22. Газеты ўтрымлівалі цікавыя моўныя звесткі, прымушалі звярнуцца да дадатковых крыніц для таго, каб даць адказы на пытанні віктарыны.

Загадчык бібліятэкі каледжа Г.А.Карсакова арганізавала выставу, прысвечаную юбілярам-пісьменнікам 2016 года, а навучэнкі групы Б-3 пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы і літаратуры А.У.Кухарэнкі зрабілі агляд з паведамленнем звестак пра жыццё і творчасць прадстаўленых пісьменнікаў.

25 лютага быў праведзены адкрыты ўрок па беларускай мове ў падгрупе ІБ-22(1) Кухарэнкай Аленай Уладзіміраўнай. На ўроку былі прадстаўлены разнастайныя формы работы з інтэрактыўнай дошкай як сродкам укаранення інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у працэс выкладання беларускай мовы.

У рамках Тыдня беларускай мовы каманда навучэнцаў каледжа прыняла ўдзел ў здымках тэлевектарыны “Размаўляем па-беларуску”, якая была створана па заказу тэлеканала Беларусь 3. Удзельнікі гульні праверылі сябе на веданне беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, мастацтва. У цэнтры ўвагі – спаборніцтва дзвюх каманд у веданні беларускай мовы і культуры. Асноўная мэта праекта – адрадзіць інтарэс да беларускай мовы ў нашых суайчыннікаў, прадэманстраваць яе своеасаблівасць сярод іншых славянскіх моў, а таксама пазнаёміць тэлегледачоў з моўнымі таямніцамі, законамі, кур’ёзамі.

На пасяджэнні цыклавой камісіі выкладчыкаў філалагічных дысцыплін былі падведзены вынікі Тыдня беларускай мовы:

адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы з выкарыстаннем інфармацыйных педагагічных тэхналогій прайшлі на высокім метадычным ўзроўні;

праведзеныя мерапрыемствы былі цікавыя навучэнцам таму, што яны павучальныя, змястоўныя, нясуць вялікі выхаваўчы патэнцыял.

Выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры каледжа выказваюць словы шчырай падзякі ўсім навучэнцам, якія прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў Тыдня беларускай мовы.

 

Г.М.Бяляева,

старшыня цыклавой камісіі

выкладчыкаў філалагічных дысцыплін

 

 

Ресурсы


Официальные интернет-ресурсы
Беларусь Библиотечная