“Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!” – пад такім дэвізам і на адным дыханні ў каледжы прайшло свята, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. Навучэнцы і выкладчыкі каледжа з задавальненнем далучыліся да флэш-мобу на роднай мове. Ужо з самага ранку гучалі віншаванні, вершы і песні на роднай мове. У бібліятэцы каледжа з гэтай нагоды была арганізавана выстава твораў сучасных пісьменнікаў.
Самым займальным і насычаным мерапрыемствам стала гульня-квэст “Жывое ў вяках беларускае слова – народа душа і народа хвала”, дзе навучэнцы падарожнічалі па станцыях: “Залацінкі мудрасці”, “Фразеалагічны куфэрак”, “Перакладчыкі”, “Веру – не веру”, “Адным словам”. Падчас гульні кожны змог праявіць сябе і папоўніць скарбонку сваіх ведаў. Пераможцамі стала каманда групы ІБ-12.
Такія мерапрыемствы спрыяюць выхаванню асноў нацыянальнага светапогляду: любові да мовы, беражлівых адносін да духоўнай і культурнай спадчыны, гонару за свой самабытны народ.