Музей захоўвае гісторыка-культурную спадчыну краіны. У музеі нам распавядаюць аб мінулым нашай Радзімы, пра подзвігі нашых продкаў, аб развіцці гарадоў і культуры. Дзякуючы экспазіцыям мы даведваемся шмат новага пра людзей, якія засялялі нашу тэрыторыю ў старажытныя часы, маем магчымасць даведацца пра побыт і розныя заняткі людзей, можам «дакрануцца» да мінулых эпох.
5 студзеня навучэнцы групп ІБ-11 і ІБ-32 у рамках этнапраекта «Фальклор — гэта гучны голас сучаснасці» наведалі экспазіцыі залаў этнаграфічнага аддзела Рэчыцкага краязнаўчага музея. Аддзел складаецца з трох залаў: «Народныя промыслы і рамёствы», «Хата беларускага селяніна», «Беларускі народны абраз».
У першай зале «Народныя промыслы і рамёствы» навучэнцы пазнаёміліся са святами і абрадамі, якія бяруць свой пачатак з земляробчага календара.
Так, свята Зажынкі звязана з паспяваннем пшаніцы і іншых сельскагаспадарчых культур. Святкаванне Зажынак пачыналі раніцай, пакуль сонца не ўзышло, альбо на змярканні. Перад пачаткам жніва праводзіўся абрад для абароны ўраджаю ад злых людзей — «закруткі»: адна з жанчын закручвала некалькі каласоў у вузел, а іншыя вадзілі карагоды і выконвалі абрадавыя песні.
На Дажынках праводдзілі абрад «Завіванне барады» — у поле абавязкова пакідалі некалькі нязжатых каласоў. Гэтыя каласы «завівалі», называючы барадой. Пакідаючы нязжатыя каласы, жнеі спадзяваліся вярнуць зямлі сілу, якую яна аддала на вырошчванне ўраджаю.
У святкаваннях перапляталіся язычніцкія і хрысціянскія традыцыі.
У «хаце беларускага селяніна» справа ад уваходу знаходзіцца печ. Каля печы — качарэжнік, дзе знаходзяцца качарга, вілкі, лапата і інш. Печ – гэта цеплыня, здароўе, печ – гэта гарачая смачная ежа. Па народных павер’ях, печ — ахоўніца дабрабыту. Насупраць печы бабін кут. Тут рыхтавала есці гаспадыня. На сцяне вісіць паліца, на ей стаіць гліняны посуд.
У хаце ёсць куфар. Там можна знайсці кашулі, безрукаўкі, спадніцы, хусткі, дываны, паясы і ручнікі.
Покуць – чырвоны кут – найбольш шаноўнае месца ў хаце. На покуці развешаны абразы, убраныя ўзорнымі набожнікамі. Покуць заўсёды размяшчалася па дыяганалі ад печы. На покуці стаіць засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб і жбан з малаком, пакрытыя ручніком.
У зале «Беларускі народны абраз» прадстаўлены абразы Божай Маці, Ісуса Хрыста, Святога Мікалая Цудатворца. Усе народныя абразы маюць шэраг агульных рыс. Асноўным матэрыялам для вырабу служыла дрэва. Жывапіс алейнымі фарбамі ажыццяўлялася пераважна па дошцы, без выкарыстання якога-небудзь грунту. Узровень выканання народных абразоў цалкам залежаў ад таленту і густаў аўтара, што надае ім арыгінальнасць і непаўторнасць.
За паўтары гадзіны навучэнцы пазнаёміліся з важнейшымі бакамі матэрыяльнай і духоўнай культуры селяніна Рэчыцкага павета: прыладамі земляробства і земляробчымі абрадамі, прадметамі побыту, адзеннем і беларускімі народнымі абразамі.