Наши новости
Галерея (нажми для просмотра)
У роднай старонцы, у кожнай хаціне
Ручнік з абразамі, ручнік на дзяціне
Яго ў пасаг нам дзяды завяшчалі
Каб талент народа ў вяках шанавалі.

Мілы сэрцу бацькоўскі край. Тут ты нарадзіўся, тут жывуць твае блізкія, твае сябры. Гэты край мы любім, гэтым краем ганарымся. Любая, нават невялікая вёска, па-свойму непаўторная. У кожным месцы — своеасаблівая прыгажосць. Што такое прыгажосць? Гэта не толькі прырода, музыка, але і рэчы, створаныя рукамі чалавека. Прыгажосць роднага краю можа быць захаваная ў розных прадметах. І адзін з такіх прадметаў — ручнік. Ручнік — адзіны рытуальны прадмет з язычніцкага мінулага, які выкарыстоўваецца ў народным побыце па сваім прамым прызначэнні. Ручнік — выраб глыбока сімвалічны, шматзначны. Створаны па законах мастацтва, ён не толькі ўпрыгожвае паўсядзённы побыт, але і з'яўляецца сімвалічным напамінам аб нябачных сувязях, якія злучаюць кожнага чалавека з яго родам, продкамі. Можна смела казаць, што ўзоры вышытых ручнікоў — гэта зашыфраваная аповесць аб жыцці народа, людзях нашай мясцовасці.

З 19 па 26 снежня ў рамках этнапраекта «Фальклор — гэта гучны голас сучаснасці» навучэнцы нашага каледжа змаглі наведаць выставу «Ручнік — гэта песня, вышытая на палатне». Пікуліна Ніка, навучэнка групы ІБ-32, і Кацюшчанка Ганна, навучэнка групы ІБ-22, пазнаёмілі з работамі жыхароў вёскі Азершчына. Выставу наведалі навучэнцы груп Д-1, Д-3, ІБ-32, ІБ-22.

Падчас экскурсіі навучэнцы даведаліся пра віды ручнікоў у залежнасці ад іх прызначэння: уціральнік (для выцірання рук і твару пасля мыцця), трапкач (для нашэння абеду ў поле падчас сяўбы і ўборкі ўраджаю), штодзённік (для абвязвання прыдарожнага крыжа). У побыце выкарыстоўваліся набожнікі (для пакрыцця іконы), дэкаратыўныя (для ўпрыгожвання люстэркаў, фатаграфій, сцен), абрадавыя (для правядзення пэўных рытуалаў).

Да нашых дзён захаваліся ручнікі, якія былі ўпрыгожваннем святых кутоў, вешаліся ў хаце ў святочныя дні, маладымі дзяўчатамі шыліся ў якасці пасагу на нашай рэчыцкай зямлі. Вышытыя ўзоры, аздабленне краёў карункамі на ручніках уражваюць нас сваёй незвычайнасцю і святочнасцю. Гонар і хвала людзям, якія беражліва захавалі і данеслі да нас культурную спадчыну продкаў, сагрэтую рукамі некалькіх пакаленняў.

Ручнік прайшоў праз стагоддзі, і цяпер сімвалізуе чысціню пачуццяў, глыбіню бязмежнай любові для ўсіх, хто не чарсцвее душой. Пройдуць гады. На змену нашаму пакаленню прыйдзе іншае, і сярод мноства яго новых праблем абавязкова ўзнікнуць пытанні: Хто мы? Адкуль? Адказаць на гэтыя пытанні змогуць толькі тыя, хто ведае сваю культуру, традыцыі, абрады. І калі першыя крокі гэтага пазнання чалавек зрабіў на роднай зямлі, то ён не будзе баяцца заблудзіцца ў чужых краях.

Кіраўнікі этнапраекта ўдзячныя ўсім, хто дапамог у арганізацыі выставы.

Ссылка на видеоролик

Монцік І. В., Кухарэнка А. У.,
кіраўнікі этнапраекта
Ресурсы


Официальные интернет-ресурсы
Беларусь Библиотечная