24 снежня ў рамках этнапраекта «Фальклор — гэта гучны голас сучаснасці» навучэнкі групы Д-3 Глушко Вікторыя, Барысевіч Ксенія, Атрашэўская Анастасія пазнаёмілі першакурснікаў з экспазіцыяй «Культура і быт беларусаў», якая размешчана ў этнаграфічным кутку каледжа.
Экспанаты, змешчаныя ў экспазіцыі, сабраны навучэнцамі нашага каледжа ў весках Гомельскай вобласці. Экспазіцыя змяшчае даследаванні навучэнцаў каледжа, прысвечаныя асаблівасцям беларускай кухні; святочным, абрадавым і традыцыйным стравам беларусаў, а таксама асвятляюць тыя традыцыйныя заняткі і рамёствы, якімі спрадвеку займаліся беларусы.
Першакурснікам вельмі цікава было даведацца, як жылі і наладжвалі свой быт нашы продкі, якімі прыладамі працы карысталіся беларускія жанчыны ў сваім паўсядзённым жыцці. Яны маглі не толькі паслухаць, але і паглядзець, і нават пакарыстацца прыладамі працы.
Словы экскурсаводаў суправаджаліся мультымедыйнай прэзентацыяй, якая дэманстравалася на мульцібордзе.
Убачылі наведвальнікі і выставу, на якой прадстаўлены работы навучэнцаў, прысвечаныя гісторыі, сімволіцы і асаблівасцям беларускага ручніка, элементам беларускага касцюма.
Напрыканцы экскурсіі навучэнцам былі прапанавы загадкі этнаграфічнага характару, адгадкі на якія былі прадстаўлены сярод экспанатаў нашага музея.
Мерапрыемства прайшло цікава, займальна і карысна для нашых першакурснікаў, а навучэнцы III курса набылі вопыт падрыхтоўкі і правядзення выхаваўчага мерапрыемства.
Выказваем вялікую падзяку кіраўніку этнаграфічнага кутка каледжа Бяляевай Галіне Міхайлаўне.
Хочацца адзначыць, што сёння патрабуецца аб’яднанне ўсіх, хто зацікаўлены ў захаванні ўніверсальнага чалавечага капіталу, якім з’яўляецца фальклорная спадчына, і хто адказны за рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі Беларусі накіраванай на захаванне самабытнасці культуры беларускага народа.