Наши новости
Галерея (нажми для просмотра)

 

 

Тыдзень беларускай мовы

 

 

Першыя веснавыя дні супалі ў каледжы з пачаткам Тыдня беларускай мовы, які працягваўся з 2 па 9 сакавіка 2015 года. Гэты перыяд адукацыйна-выхаваўчага працэсу атрымаўся дастаткова насычаным і запамінальным. Удзел у  мерапрыемствах Тыдня беларускай мовы прымалі групы 1, 2 і 3 курсаў. Асноўнымі  задачамі тыдня сталі:

 

  - павышэнне цікавасці навучэнцаў да беларускай мовы і літаратуры, культуры і традыцый беларускага народа;

  - развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў, самастойнасці ў вырашэнні пастаўленых мэт, садзейнічанне самарэалізацыі асобы;

  - азнаямленне навучэнцаў з формамі арганізацыі прадметнага тыдня, методыкай правядзення пазаўрочных выхаваўчых мерапрымстваў, актывізацыя іх пазнавальнай дзейнасці.

 

Запланаваныя мерапрыемствы групаваліся тэматычна ў наступных накірунках:

- Пісьменнікі-юбіляры 2015 года

- Традыцыі і быт беларускага народа

- 70-годдзе з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

 

У першы дзень Тыдня беларускай мовы стартавала традыцыйная акцыя “Гавары са мной па-беларуску!”, у якой прымаюць удзел усе навучэнцы, выкладчыкі і іншыя служачыя навучальнай установы. Быў ўзгаданы яшчэ раз Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаўся напярэдадні (21 лютага).

Загадчык бібліятэкі каледжа Г. А. Карсакова арганізавала выставу, прысвечаную юбілярам-пісьменнікам 2015 года. Адна з важных падзей гэтага года – 90-годдзе з дня нараджэння І. Я. Навуменкі, беларускага пісьменніка і літаратуразнаўца, акадэміка, доктара філалагічных навук. Іван Навуменка нарадзіўся ў горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна, таму ў лютым, калі адзначаўся яго юбілей, прайшлі разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці пісьменніка, гарадскога і раённага маштабаў. Не маглі абысці ўвагай гэтую падзею і навучэнцы нашага каледжа.

У каледжы апошнія гады набыла папулярнасць акцыя “Буккросінг”. На працягу тыдня яна была перайменавана ў “Беларускі буккросінг”, у якім для чытання прапаноўваліся кнігі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.

Адкрыццё Тыдня беларускай мовы ў педкаледжы заўсёды пачынаецца са значных масавых мерапрыемстваў. У гэтым годзе такім мерапрыемствам стаў адукацыйна-выхаваўчы праект “Веснавыя святы беларусаў”, падрыхтаваны навучэнцамі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў В. А. Торра, А. У. Кухарэнкі. У веснавым адрэзку каляндарна-абрадавага цыкла беларускага народа былі прадстаўлены наступныя святы: Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Дабравешчанне, Вялікдзень, Ляльнік, Юр’е. Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй паходжання кожнага са святаў, даведаліся пра асаблівасці іх святкавання ў розных рэгіёнах, змаглі пабачыць фрагменты некаторых абрадаў (інсцэніроўку “Гуканне вясны” паказвалі навучэнкі групы ІБ-21, а “Валачобнікі” – навучэнцы групы ІБ-22). Са сцэны гучалі песні і вершы пра вясну, танец пад песню “Явар і каліна” выканалі П. Балабанаў, Д. Дойлава, В. Белагірына, М. Мішкова, К. Дашкевіч.

У лютым у нашай краіне адзначалася яшчэ адна юбілейная дата – 80-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, намінанта на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры Рыгора Барадуліна. Так супала, што паэта не стала год назад 2 сакавіка. Таму ў памяць пра яго жыццёвы шлях, творчасць выкладчык беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук В. А. Торра правяла лекцыю-памяць “Зачараваны ў кожны гук…” Слухачамі былі навучэнцы 1 і 2 курсаў. Падчас лекцыі Вікторыя Аляксандраўна апавядала пра свой уласны шлях да творчасці паэта, пра матывы і тэмы яго паэзіі праз прызму ўласнага адчування, пра даследаванне гукапісу барадулінскай лірыкі, якое вылілася ў напісанне кандыдацкай дысертацыі. У прэзентацыі да лекцыі дэманстраваліся цікавыя фотаздымкі, што адлюстроўвалі асноўныя этапы жыццёвага і творчага шляху Р. Барадуліна, відэафільмы пра яго, прыжыццёвыя запісы чытання ўласных твораў паэтам.

Для навучэнцаў першага года навучання былі арганізаваны экскурсіі-агляды этнаграфічнай экспазіцыі каледжа “Культура і быт беларусаў”. Пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай мовы Г. М. Бяляевай азнаямленне з экспазіцыяй праводзілі навучэнкі групы Б-2 В. Шляхтава і А. Талюк. Дзяўчаты не толькі паказалі сябе як сапраўдныя экскурсаводы, але яшчэ і заахвочвалі наведвальнікаў віктарынай на аснове прагледжанага.

Працягам знаёмства з культурай беларускага народа стала прэзентацыя насценгазет пад агульнай назвай “Традыцыі беларусаў”, якія падрыхтавалі навучэнцы груп ІБ-11, ІБ-12, ІБ-22, І-21. Газеты адлюстроўвалі традыцыі такіх святаў, як Масленіца, Каляды, Купалле, традыцыі беларускага народнага адзення.

Важнай падзеяй у жыцці каледжа стаў конкурс чытальнікаў, прысвечаны 70-годдзю з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх груп каледжа. Мерапрыемства праведзена пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай літаратуры А. У. Кухарэнкі. Вядучыя Р. Назарэнка і Н. Яскевіч (група Б-2) не проста прадстаўлялі чытальнікаў, але і зноў нагадалі ўсім пра жахі ваеннай навалы, пра тое, як выстаяў у гады вайны беларускі народ. На суд журы было прадстаўлена чытанне твораў розных беларускіх паэтаў: П. Броўкі, А. Вярцінскага, Я. Купалы, Н. Гілевіча, М. Сурначова, Р. Барадуліна і іншых. Выкананне многіх твораў суправаджалася музыкай і прэзентацыямі. Вершы чыталіся на такім эмацыянальным уздыме, што ніхто не застаўся абыякавым. Лепшымі, на думку журы, сталі: 1 месца – Клусевіч Злата “Рэквіем па кожным чацвёртым” А. Вярцінскі (група ІБ-11); 2 месца – Сахарчук Яраслава “Ліст з палону” А. Куляшоў (група ІБ-31), 3 месца – Талюк Алена “Блакада маўчання” Р. Барадулін (група Б-2) і Гаўрыш Ірына “Рэквіем па кожным чацвёртым” А. Вярцінскі (група ІБ-21).

Выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры каледжа выказваюць словы шчырай падзякі ўсім навучэнцам, якія прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў Тыдня беларускай мовы. Асобная ўдзячнасць тым, хто дапамагаў з наладжваннем апаратуры, відэа- і фотаздымкай, падрыхтоўкай танца і песняў, афармленнем выстаў.

 

В. А. Торра,

кандыдат філалагічных навук,

старшыня цыклавой камісіі

выкладчыкаў філалагічных дысцыплін

Ресурсы


Официальные интернет-ресурсы
Беларусь Библиотечная