Наши новости
Галерея (нажми для просмотра)

 

ГАВАРЫ СА МНОЙ ПА-БЕЛАРУСКУ!

 

Пад такім дэвізам прайшоў у Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжы традыцыйны штогадовы Тыдзень беларускай мовы, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.

Наша навучальная ўстанова адна ў краіне сярод сярэдніх спецыяльных устаноў, дзе вучаць і выхоўваюць будучых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Тут вучацца юнакі і дзяўчаты, якія ўжо вызначыліся ў выбары свайго прызвання, якія маюць патрэбу ў штодзённым выкарыстанні роднай мовы, любяць яе, шануюць памяць сваіх продкаў, што данеслі да нас гэты скарб – родную мову, шмат чытаюць, пішуць уласныя творы на беларускай мове. Такая моладзь – гэта будучае нашай дзяржавы, будучае нашай беларускай мовы, якая была залічана ў 2009 годзе Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый да ліку моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Каб мова жыла, ёю патрэбна карыстацца, і нашы навучэнцы гэта разумеюць. Прычым не толькі тыя, што будуць настаўнікамі беларускай мовы, але і настаўнікамі замежных моў, бо ў мерапрыемствах, што праводзіліся на тыдні, прымалі ўдзел усе групы каледжа.

Адкрыццё тыдня беларускай мовы адбылося ва ўрачыстай атмасферы ў актавай зале каледжа. У літаратурна-музычнай кампазіцыі “Звіні, мая светлая родная мова!” прагучалі песні і вершы пра родную мову беларускіх майстроў слова, адзначалася нястомная праца і вялікі ўклад у развіццё нашай мовы беларускіх пісьменнікаў, навукоўцаў і грамадскіх дзеячаў на працягу многіх гадоў. Прадэманстраваць свае чытальніцкія здольнасці на сцэне змаглі навучэнцы трэцяга курса А. Зубкоўская, Л. Стрэльчанка, І. Карлоўская, І. Пантух, В. Алышава, В. Азімка, А. Сергеевіч, а танцавальная група змагла “завесці” ўсю залу імклівай і вясёлай полькай. Напрыканцы вядучыя прэзентавалі праграму тыдня і запрасілі ўсіх размаўляць па-беларуску.

Да пачатку тыдня ў бібліятэцы каледжа была прымеркавана выстава навінак сучаснай беларускай навуковай і мастацкай літаратуры “Скарбы роднай мовы”. Таксама ў панядзелак у фае навучальнай установы праводзілася акцыя “Беларускія паэты пра родную мову”, у якой прынялі ўдзел навучэнцы другога і трэцяга курсаў. Усе жадаючыя маглі прынесці і прымацаваць да спецыяльнага стэнда лісты з вершамі беларускіх паэтаў пра родную мову. Такіх лістоў змагло змясціцца на стэндзе больш за трыццаць, а прынесена было яшчэ больш.

18 лютага навучэнцы і выкладчыкі каледжа прымалі ўдзел у раённай акцыі “Кніга – крыніца ведаў, дабра і міласэрнасці”, якая праходзіла ў гэтым годзе ў нашай навучальнай установе і была ўключана ў план тыдня беларускай мовы. Акцыя адбывалася пры падтрымцы Рэчыцкага раённага выканаўчага камітэта і Савета старэйшын горада Рэчыцы. З дакладамі і прамовамі перад прысутнымі выступілі М.З. Баярын (старшыня Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў), М.В. Зайцаў (старшыня Савета старэйшын), Л.А. Ягорава (дырэктар Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа), А.П. Кардонава (загадчык аддзела абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі), С.М. Цыцура (намеснік старшыні Савета старэйшын, Ганаровы грамадзянін г. Рэчыцы), Р.К. Шпакаў (старшыня калгаса “50 лет Октября”, Ганаровы грамадзянін г. Рэчыцы), А.С. Вашкоў (дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін г. Рэчыцы), І.Я. Петкун (дырэктар Рэчыцкага раённага ліцэя, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь), В.А. Торра (выкладчык Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа, кандыдат філалагічных навук), В. Хромчанкава і В. Краўцова (навучэнкі Рэчыцкага дзяржаўнага педагагічнага каледжа). Кожны з прысутных на акцыі ў чарговы раз упэўніўся, што кніга ў наш бурны і высокатэхналагічны век застаецца нязменным спадарожнікам такіх спрадвечных людскіх каштоўнасцей, як дабро і міласэрнасць, яна не толькі нас вучыць, але дае сілы жыць, працаваць, дапамагаць адзін аднаму. Змястоўныя прэзентацыі, музычныя нумары дадалі мерапрыемству сардэчнасці і цеплыні, усе з вялікай павагай і цікавасцю слухалі людзей старэйшага пакалення, якія прыйшлі падзяліцца сваім жыццёвым вопытам.

У другой палове дня для навучэнцаў педагагічнага каледжа адбыліся экскурсіі-агляды абноўленай этнаграфічнай экспазіцыі “Культура і быт беларусаў” у вучэбным кабінеце 44. Пазнавальныя, эмацыянальныя выступленні дзяўчат-экскурсаводаў – навучэнак Вікторыі Краўцовай і Анжалікі Сергеевіч – не пакінулі абыякавымі нікога з прысутных.

У сераду пад кіраўніцтвам выкладчыка Н.М. Лабуш сярод каманд груп першага курса праводзілася інтэрактыўная гульня-спаборніцтва “Наколькі добра ты ведаеш сваю мову?”. На мерапрыемстве выкарыстоўвалася інтэрактыўная дошка, з дапамогай якой навучэнцы адкрывалі пытанні, сачылі за часам, выбіралі правільныя адказы. Актыўнасць абедзвюх каманд і балельшчыкаў, іх зацікаўленасць складанымі моўнымі пытаннямі былі відавочныя. Але са значнай перавагай у спаборніцтве перамагла каманда групы ІБ-12.

Сёлета ў нашай краіне адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Не маглі застацца ў баку ад гэтай падзеі і навучэнцы нашага каледжа. Літаратурная імпрэза “Ёсць у паэта свой аблог цалінны” была прысвечана юбілейнай даце, а падрыхтавана яна пад кіраўніцтвам выкладчыка беларускай літаратуры Ю.Ф. Судзібор. Прысутныя ўспомнілі не толькі асноўныя моманты біяграфіі паэта, але і мелі магчымасць пачуць прыжыццёвы запіс чытання А. Куляшовым сваіх твораў, песні на вершы паэта ў выкананні беларускіх спевакоў, дэкламаванне “Балады аб чатырох заложніках”, “Я хаце абавязаны прапіскаю”, “Ёсць у паэта свой аблог цалінны”, “Бывай” і інш. Нельга пераацаніць уклад А. Куляшова ў развіццё беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, яго перакладчыцкую працу. Памяць пра выдатнага сына беларускай зямлі будзе вечна жыць у сэрцах нашчадкаў.

У апошні дзень тыдня беларускай мовы былі падведзены вынікі конкурсу творчых работ навучэнцаў, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы. Лепшымі работамі, на думку выкладчыкаў цыклавой камісіі, прызнаны сачыненне Бабровай Яніны і верш Юнкевіча Аляксея (навучэнцаў другога курса).

Ёсць у календары такое свята – Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага з мэтай узняць пытанні шматмоўнасці, моўнай і культурнай разнастайнасці. Гэта дата была ўпершыню абвешчана ЮНЭСКА 17 лістапада 1999 года. Адзначэнне гэтага дня было таксама прызнана Генеральнай асамблеяй ААН у яе рэзалюцыі 2008 года, якая абвяшчала гэты год Міжнародным годам моў.

Міжнародны дзень роднай мовы паўстаў як вынік міжнароднага прызнання Дня руху за мову, які адзначаецца ў Бангладэш з 1952 года.

У нашым каледжы гэты дзень святкаваўся пад лозунгам “Гавары са мной па-беларуску!”. На працягу тыдня ў каледжы праводзілася анкета, у якой мы высвятлялі адказы на два пытанні: Якую мову вы лічыце роднай? і Ваша любімае беларускае слова? У апытванні прынялі ўдзел 113 чалавек. Вынікі анкеты паказалі, што 80 чалавек лічаць беларускую мову роднай, і (больш таго!) часта ёю карыстаюцца, 33 чалавекі лічаць роднай рускую мову. Сярод любімых беларускіх слоў самымі папулярнымі былі каханне, маці, Радзіма, кветкі, цудоўны, мова, сонейка. Канечне, гэта не афіцыйнае апытванне, але ўсе без выключэння згадзіліся, што вельмі прыемна назіраць такую ўвагу да роднай мовы і такія жыццёвыя пазіцыі нашых навучэнцаў.

Закончыўся тыдзень праслухоўваннем вуснага часопіса “Багата, родная ты мова!”, які падрыхтавала разам з навучэнцамі другога курса выкладчык беларускай літаратуры А.У. Кухарэнка. На старонках вуснага часопіса гучалі палымяныя заклікі ў абарону роднай мовы ад знікнення, наказы ўсім нам даражыць роднай мовай і часцей карыстацца ёю, падкрэсліваліся прыгажосць і мілагучнасць беларускай мовы ў параўнанні з іншымі мовамі свету. Пасля прачытання апошняй старонкі часопіса ўсімі прысутнымі было прынята аднадушнае рашэнне клапаціцца пра родную мову, больш размаўляць на ёй, зрабіць святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы традыцыйным у нашым каледжы.

Мерапрыемствы, якія праводзіліся падчас тыдня беларускай мовы, мелі выразную патрыятычную накіраванасць, выхоўвалі ў навучэнцаў лепшыя маральныя і эстэтычныя якасці, развівалі іх творчыя здольнасці, вучылі арганізацыі масавых пазаўрочных мерапрыемстваў. Спадзяемся, што ўсё, зробленае на тыдні, не стане чарговай адпрацаванай “галачкай” у паўсядзённым жыцці нашых навучэнцаў, а пакіне свой значны адбітак у іх самавызначэнні як грамадзян Беларусі, носьбітаў беларускай мовы.

 

В.А. Торра,

кандыдат філалагічных навук,

старшыня цыклавой камісіі

выкладчыкаў філалагічных дысцыплін