Наши новости

ТЫДЗЕНЬ   БЕЛАРУСКАЙ   МОВЫ

 

Традыцыйны Тыдзень беларускай мовы прайшоў у Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжы з 8 па 12 красавіка 2013 года.

18 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Гэты дзень устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і адметных мясцін, створанай пры ЮНЕСКА. Наша краіна імкнецца да прыкладу развітых еўрапейскіх краін, дзе ашчадліва і далікатна ставяцца да ўласнай гісторыі. Ca сваёй культурнай адметнасцю, годным стаўленнем да ўласнай – далёка не адназначнай і драматычнай, але багатай і вялікай – гісторыі мы можам заняць “пачэсны пасад між народамі”, якія пакуль яшчэ, на жаль, так мала ведаюць пра старажытную і ў той жа час маладую краіну ў самым цэнтры Еўропы. Дарэчы, а наколькі мы самі ведаем сябе, ці ўяўляем глыбіню і веліч гісторыка-культурнага патэнцыялу Беларусі? З вырашэння гэтага пытання і пачаўся Тыдзень беларускай мовы.

Завочную экскурсію-падарожжа па гістарычных мясцінах Беларусі “Гэта наша з табою зямля” падрыхтавалі навучэнцы групы Б-3 разам з выкладчыкам гістарычнага краязнаўства Т.Л.Бышык. Не пералічыць беларускіх помнікаў і гістарычных мясцін, звязаных з дзейнасцю выдатных асоб, са з’явамі духоўнага і мастацкага (у тым ліку і сённяшняга) жыцця, з ваеннымі падзеямі. Яны – па ўсёй краіне! Маршрут экскурсіі быў пракладзены па ўсіх абласцях Беларусі. За адну гадзіну гледачы змаглі пабываць у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі, Бабруйскай крэпасці, наведаць гарады-музеі Полацк, Нясвіж, руіны Крэўскага замка. Не прамінулі і замкавы комплекс “Мір”, з якога пачалося далучэнне нашых каштоўнасцей да славутага Спісу [Барысаглебская (Каложская) царква] ЮНЕСКА. Навучэнцы ўспомнілі мясціны, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной: вёску “Хатынь”, Брэсцкую крэпасць. Закончылася падарожжа ў Белавежскай пушчы.

Таксама на пачатку Тыдня загадчыкам бібліятэкі каледжа Г.А.Карсаковай была арганізавана выстава лінгвістычнай літаратуры “Любі, шануй, ведай родную мову”. На працягу тыдня навучэнцы каледжа маглі азнаёміцца з апошнімі беларускімі лексікаграфічнымі працамі, з новымі выданнямі па беларускай мове і літаратуры.

Да Тыдня беларускай мовы і літаратуры быў прымеркаваны і конкурс творчых работ навучэнцаў “У родным слове цэлы свет”. Творчыя работы рыхтаваліся загадзя, а ў панядзелак выкладчыкам Н.А.Пішкун былі падведзены вынікі і адзначаны лепшыя работы: Дзягцярык Ю., Туцкай І., Качаноўскай А., Каўцэвіч В. – навучэнак групы Б-4.

Свята мовы працягнулася ў аўторак 9 красавіка алімпіядай па беларускай мове і літаратуры сярод навучэнцаў груп Б-2, Б-3, Б-4. Алімпіяда складалася з комплекснай кантрольнай работы па беларускай мове і літаратуры і вуснага выказвання. Выкладчыкаў вельмі ўсхваляваў і ўразіў конкурс вусных выказванняў, які на гэтай алімпіядзе адбыўся на такім высокім узроўні, як ніколі. Усе выступаючыя цікава і разнастайна выказвалі свае думкі, умела і шмат цытавалі, прыводзілі ўласныя прыклады і з твораў мастацкай літаратуры. Гучалі выказванні на розныя тэмы: пра родную мову, пра любоў да роднай зямлі, бацькаўшчыны, пра сям’ю, пра традыцыі і святы беларусаў, пра спаленую вёску Хатынь і інш. Лепшымі прамовамі былі прызнаны вусныя выказванні Селівончык М., Дашкевіч С., Левянковай Т., Грабовіч В. Пераможцамі алімпіяды па беларускай мове і літаратуры сталі: 1 месца – Дашкевіч С. (група Б-4), 2 месца – Грабовіч В. (група Б-4), 3 месца – Змушка С. (група Б-2).

10 красавіка сярод навучэнцаў замежнага аддзялення праводзілася віктарына “Чароўны свет літаратуры”. Віктарыну з мультымедыйнымі прэзентацыямі арганізавала і правяла выкладчык беларускай літаратуры Ю.Ф.Судзібор. Каманды груп  ІБ-11, ІБ-12, ІБ-21, ІБ-22, ІБ-23 спаборнічалі ў разгадванні крыптаграмы па творах беларускіх пісьменнікаў, у вызначэнні відаў лірыкі, у дэкламаванні вершаў беларускіх паэтаў. У віктарыне закраналіся пытанні тэорыі літаратуры і ажыццяўлялася міжпрадметная інтэграцыя з музыкай: навучэнцы павінны былі назваць паэтаў і іх творы па праслуханых песнях у выкананні вядомых беларускіх спевакоў. Падчас віктарыны і каманды, і іх балельшчыкі мелі магчымасць адчуць прыгажосць беларускага слова, выказаць свае меркаванні на прапанаваныя Ю.Ф.Судзібор літаратуразнаўчыя пытанні. Па выніках віктарыны першыя месцы занялі: група ІБ-11 (сярод каманд 1 курса) і група ІБ-22 (сярод каманд 2 курса).

Калейдаскоп прэзентацый навучэнцаў спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура” па выніках педагагічнай практыкі адбыўся 11 красавіка. Навучэнкі выпускной групы Б-4 пад кіраўніцтвам куратара А.У.Кухарэнкі прадставілі прысутным цікавыя моманты са сваёй педагагічнай практыкі, выказалі свае меркаванні наконт будучай прафесіі, прадэманстравалі сваю захопленасць настаўніцкай справай. Навучэнкі гэтай групы Вяткіна Х., Стома А., Каўцэвiч В. атрымалі падзяку і былі адзначаны кіраўнікамі тых устаноў адукацыі, дзе яны праходзілі педагагічную практык. Iх урокі і пазакласныя мерапрыемствы сталі яркімі, запамінальнымі момантамі, якія і склалі аснову створаных прэзентацый. Спадзяемся, што ўсе навучэнкі гэтай групы стануць у будучым дастойнымі прадстаўнікамі нашага каледжа ў розных школах Беларусі.

На заканчэнні Тыдня, 12 красавіка, выкладчык беларускай мовы Л.П.Бандарэнка разам з навучэнцамі групы ІБ-11 прадставіла літаратурна-музычную кампазіцыю ў выглядзе паэтычнага вянка “Такая тут зямля…” Мерапрыемства было прысвечана агляду творчасці пісьменнікаў і паэтаў – ураджэнцаў Рэчыцы. Мы яшчэ раз успомнілі імёны знакамітых землякоў, згадалі старонкі іх лёсу і творчасці, гучала выразнае чытанне твораў У.Верамейчыка, У.Ліпскага, І.Навуменкі, А.Караленкі, Н.Чарнейкі, Н.Тулупавай, В.Волах, В.Коўтун, А.Сыса, В.Ярца.

Самы прыемны момант у канцы Тыдня беларускай мовы – узнагароджванне граматамі пераможцаў алімпіяды і віктарыны.

Тыдзень беларускай мовы скончыўся, але ўсе мерапрыемствы, што адбываліся на ім, робяць настрой прыўзнятым. яшчэ не зніклі асалода і задавальненне ад моўнага свята, яно яшчэ і яшчэ раз нам нагадала, якім каштоўным набыткам можа быць для нас родная мова, якое значэнне яна можа мець ў жыцці кожнага з нас. Мы – грамадзяне сваёй краіны, і таму павінны ганарыцца тым, што маем: сваёй мілагучнай моваю, прыгажосцю родных краявідаў, гістарычным мінулым нашага народа – а таксама захоўваць, берагчы памяць продкаў і перадаваць яе нашчадкам.

 

В.А.Торра,

старшыня ЦК выкладчыкаў філалагічных дысцыплін,

кандыдат філалагічных навук